Усё добрае калі-небудзь сканчаецца. Вось мінуў і 2009 год а разам з ім скончыўся і гэты блог. Зычу вам упэўненасці ў сваіх сілах і перамог! І запрашаю на poczobut.livejournal.com
Good byе 2009!
December 31, 2009Геапалітычны гапак ад Аляксандра Рыгоравіча
December 30, 2009Галоўнай падзеяй году безумоўна з’яўляюцца геапалітычныя танцы ў выкананні Аляксандра Лукашэнкі. На працягу года мы назіралі сваеасаблівы “геапалітычны гапак”. Аляксандра Рыгоравіча, а за ім і ўсю краіну насіла з “лева на права”, а хор трэнірованых прапагандыстаў з захапленнем вішчаў “так трэба”.
Сымбалічнымі палюсамі выглядаюць тут візіт Лукашэнкі да Папы Рымскага (права) і беларуска-расейскія вайсковыя манеўры “Захад 2009” (лева).
Хлопчык Коля ў Ватыкане
Трыўмфальны паход на Захад, менавіта так выглядаў візіт Лукашэнкі у Ватыкан і аўдыенцыя ў Папы Рымскага. Тут табе і сымбалізм, і высокі ўзровень, і рэлігія, і гісторыя… Карацей Лукашэнка ў сэрцы Еўропы!
Калі ўзгадаць, як дрыжэлі рукі камуністычнага дыктатара генерала Войцеха Ярузэльскага пад час сустрэчы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ і тая роля, якую адыграў пантыфік у зменах у Польшчы – то сапраўды было аб чым памарыць. Аднак, тыя хто шмат сабе абяцаў ад гэтага візіту памыліліся.
Аляксандар Рыгоравіч узяў з сабой Коленьку, што, пагадзіцеся, паказальна. Яны ўпэўнена без усялякай дрыжы крочылі па Ватыкане. Інтэрнэт абеглі здымкі дзе хлопчык Коля гуляе ў футбол у ватыканскіх карыдорах.
Пэўныя плюсы ад візіта касцёл безумоўна атрымаў (размова ідзе пра дазвол на будову некалькіх святыняў) але якаснай змены ў адносінах улада-касцёл не адбылося. Гэта падцвердзіла выдаленне з Беларусі трох польскіх ксяндзоў. Тут нават Радыё Ватфыкан вымушана было прызнаць: няма ніякіх зменаў.
А калі так, дык няма чаго спадзявацца на тое, што гэта можа стацца калі не каталізатарам дык прынамсі сведчаннем нейкіх сур’ёзных зменаў у краіне.
Рускія танкі пад Гродна
З “права”, Аляксандра Рыгоравіча панясло на “лева”. Каб браты па праваслаўнай веры не пакрыўдзіліся, былі арганізаваны самыя маштабныя ў гісторыі вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі манеўры.
“Захад 2009” і той сцэнарый па якім яны адбываліся, былі шокам для шмат каго з гарачых прыхільнікаў цывілізавання Лукашэнкі. Той каго яны збіраліся ратаваць ад “расейскай навалы” разам з Расеяй адпрацоўваў супольныя дзеянні ў на выпадак вайсковага канфлікта з НАТА.
Прыватна мяне ж павесяліла тая частка манеўраў дзе супольная беларуска-расейская вайсковая групіроўка падаўляла польскае паўстанне ў ваколіцах Гродна. Прыемна, што нас так сур’ёзна ацэньваюць. Нават расейскія войскі павінны былі задзейнічаць!
Гульня працягваецца
Такі вось свойскі гапак выконваў Аляксандар Рыгоравіч у 2009 годзе. Самае цікавае, што не гледзячы на пагаршаючуюся сітуацыю Лукашэнка і надалей захоўвае магчымасць выбіраць паміж “левым” і “правым” бокам. І гэта падаецца галоўным вынікам мінулага года.
Салодкая помста палітжаўнераў
December 9, 2009Тыя, хто выдумаў прымусовы прызыў у войска актывістаў маладзёвых апазіцыйных арганізацый не пралічыў усіх наступстваў гэтай з’явы. На сёння, як мне падаецца, галоўны яе вынік – моцны ўдар па іміджу беларускага войска.
Улады манеўры праводзяць, парады, фільмы за дзяржаўныя грошы здымаюць, рэклямныя ролікі па БТ круцяць, нават сам Аляксандар Рыгоравіч час ад часу ў мундыры генералісімуса з’яўляецца.
Паглядзіш – трындзец! Сіла, магутнасць, круцізна, сучаснасць…
А тут вяртаецца шэраговы Іван Шыла з войска і распавядае, як насам рэч выглядае служба ў надзвычай важных супрацьпаветраных войсках Рэспублікі Беларусь.
Сучасная тэхніка? Ды годзе вам, у войску не хапае нават звыклых рыдлёвак.
Сіла? Афіцэры не ў стане здаць прадугледжаныя Міністэсртвам абароны нарматывы фізічнай падрыхтоўкі і хто як можа “косіт” калі прыягджае праверка.
Прыгоды для сапраўдных мужчынаў? Галоўнае чым займаюцца жаўнеры – уборка…
Ды яшчэ на дадатак смешны ролік на youtube, закінуў. Маўляў глядзіце калі ласка – вайсковыя будні!
Ролік гэты, дарэчы, за двое сутак больш за тысяча чалавек паглядзела.
- У войску ўсё пабудавана на хлусні – гаворыць шэраговы Шыла і на доказ гэтага ўзгадвае сваё пасведчанне “аператара 3-разрада”, якое павінна падцверджаць ягонае ўменне абслугоўваць зенітна-ракетны комплекс “Буг”.
Падпісана палкоўнікам.
Толькі ці то палкоўнік несапраўдны ці то зусім здрабнеў афіцэрскі корпус РБ, бо адзінае чаму навучылі шэраговага – гэта чысціць узгаданую жалезяку, якая на дадатак знаходзілася ў стане перманентнай пачынкі.
Вось вам і ўвесь пазітыўны імідж! Вось вам і перавыхаванне войскам!
Віншую айцоў беларускай дэмакратыі з чарговай пераканаўчай перамогай. Над кім? Над самімі сабой, зразумела.
Хутка дарэчы і Франак Вячорка з войска вернецца. Тут уж Міністэрству Абароны цэлую PR-кампанію праводзіць трэба будзе каб залатаць дзіркі ў сваім медыя-вобразе, над якім 100-адсоткава паглуміцца малады медыя-тэрмінатар.
З цікавасцю чакаю на працяг гэтага псеўдавайсковага тэлесерыяла.
Аляксанадр Бароўскі і тры казузы царскага гнева і царскай міласці
December 4, 2009Думаю, што ні адкрыю вялікага сакрэта калі скажу, што Аляксандар Лукашэнка сёння ў Рэспубліцы Беларусь фактычна выконвае абавязкі цара. Некаранаванага, але надта самадзяржаўнага. Беларусь па арганізацыі сістэмы ўлады гэта нават ні хрушчоўска-брэжнеўскі СССР з яго калегіальным ЦК-оўскім кіраўніцтвам і ідэалагічнай канстантай у выглядзе марксісцка-ленінскай ідэалогіі. Гэта нешта больш вар’яцкае, больш алагічнае і больш непрадказуемае. Сістэма абсалютна персаніфікавана, і ў ёй практычна ўсё завязана на аднаго чалавека. Ад яго настрою залежаць: і геапалітычныя саюзы, і агульнадзяржаўныя эканамічныя прыарытэты, і ідэалагічныя выкрунтасы, і накал афіцыёзнай прапаганды і, зразумела, лёсы канкрэтных людзей.
Як і кожны цар, ці проста выконваючы ягоныя абавязкі, Аляксандар Рыгоравіч мае права на царскі гнеў і царскую міласць. І няма нічога горшага для ягонага падданага чым царскі гнеў і няма нічога лепшага чым царская міласць.
Аб гэтым неаднойчы пераканаўся прызначаны сёння на пасаду генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднаньня БелаўтаМАЗ Аляксандар Бароўскі.
І так, казус нумар адзін.
Аляксандар Васілявіч Бароўскі – кіраўнік стратэгічнага канцэрна “Белнефтехім”. Паважаны чалавек, моцны кіраўнік, сур’ёзны ўпэўнены ў сабе і сваёй будучыні чыноўнік… І вось 27 мая 2007 года на ягона рукі зашчоўкаюць кайданкі і з утульнага дырэктарскага крэсла Бароўскі наўпрасткі патрапляе у СІЗА. А там допыты, нахабства следчых, абвінавачванне ў злоўжываннях службовым становішчам.
Карацей увесь свет Аляксандра Васілявіча стаў дагары нагамі. Вынік гэтай нечаканай акрабатыкі – прысуд 5 гадоў пазбаўлення волі і тры гады пазбаўлення права займаць кіруючыя пасады.
Канцэрн, які ўзначальваў Бароўскі быў за надта сур’ёзнай установай каб ягоны кіраўнік мог быць арыштаваны без згоды выконваючага абавязкі цара ўсяеБеларусі.
Так Аляксандар зведаў царскі гнеў.
Казус нумар два.
Зэк Сашка Бароўскі, так сама як і ягоныя суседзі па нарах з Бабруйскай калоніі напэўна неаднойчы марыў пра магчымасць амністыі і памілаванні. Але ён разумеў, што ягоны лёс можа вырашыць толькі адзін чалавек у краіне – Аляксандар Рыгоравіч. Не ведаю, якія словы і якія аргументы выкарыстаў зэк Бароўскі калі пісаў сваю просьбу аб памілаванні у здавалася б недасяжны з-за калючага дроту бабруйскай калоніі горад Мінск. Але як аказалася гэта былі адпаведныя словы і адпаведныя аргументы. Ягоная лагерная пісаніна патрапіўшы ў самы галоўны кабінет краіны прымусіла самага галоўнага ў Беларусі чалавека у чарговы раз задумаўся над ягоным лёсам. І выконваючы абавязкі цара … Сашку памілаваў.
Так Сашка Бароўскі зведаў царскую міласць.
Казус нумар тры.
Пакінуўшы калонію Сашка Бароўскі ізноў ператварыўся ў Аляксандра Васілявіча Бароўскага. Вопыт і напрацаваныя гадамі кантакты былі гарантыяй, што без кавалка хлеба з маслам Аляксандар Васілявіч не застанецца. Пра дзяржслужбу, здавалася, трэба было забыцца…
Прысуд, калонія – гэта ж як таўро.
Відавочна былы начальнік і былы зэк падобна дзясяткам іншых чыноўнікаў, якія па поўнай зведалі царскі гнеў збіраўся ў Маскву каб там зарабляць сабе на жыццё. Але вось нечакана ў адну з пятніц краіна даведалася, што Аляксандар Бароўскі прызначаны на новую пасаду і згоду на ягонае прызначэнне падпісаў сам Аляксандар Рыгоравіч.
Так Аляксандар Бароўскі даведаўся, што царская міласць не мае межаў.
Хочаце даведацца пра сістэму ў якой мы жывем? Спытайцеся ў Аляксандра Бароўскага. Ён усе яе плюсы і мінусы зведаў на сваёй шкуры. Толькі Бароўскі чалавек разумны, таму не чакайце ад яго адказаў. У любым выпадку ягоны лёс як нішто іншае паказвае сутнасць “сістэмы РБ”. Правіла нумар адзін – як выконваючы абавязкі цара пажадае, так яно было, ёсць і будзе. Правіла нумар два? А навошта нам нейкія іншыя правілы?
Савецкая Б. і яе патрыятызм
November 29, 2009Агульнавядома, што апошнім часам сціплыя працаўнікі дзяржаўнага агітпропа любяць перад расейсцамі выступіць эдакімі абаронцамі Радзімы і сапраўднымі патрыётамі. Нічога дрэннага ў гэтым, зразумела, няма. Дзіўным чынам, праўда, патрыятычны ўгар напаўняе дзяржаўныя СМІ па меры набліжэння канца году, а значыцца і набліжэння беларуска-расейскіх перамоваў пра цэны на газ і нафту.
Але не будзем такімі дробязнымі. Кожны час добры, дзеля таго каб прадэманстраваць сваю любоў да Радзімы.
Вось толькі як заўжды ў агітатараў перабор атрымоўваецца. Напрыклад нядаўна, газэта пад гордай назвай “Советская Белоруссия” далучылася да хору тых, хто павучае расейсцаў: Белоруссия – гэта неправільна! Правільна – Беларусь.
Мовазнаўчы пасаж маскоўскага карэспандэнта БТ на памятнай прэсканферэнцыі расейскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзява “Советская Б” акрэсьціла вельмі патасна – “неплохой урок настоящего, а не записного, на публику, «патриотизма»…”.
Цікава, а назву сваёй газэты яны лічаць непатрыятычнай ці як? Праца у газэце з такой непатрыятычнай назвай не ўваходзіць у калізію з іх высокапатрытычнымі пачуццямі? Газ газам, нафта нафтай, а Вы б, даражэнькія, спачатку ў сябе парадак навялі, а потым да суседзяў прэтэнзіі б выстаўлялі.
- Ну ладна, не будзем чапляцца – скажа, сябар памяркоўнаапазіцыйнага руху “За свабоду”, які апошнім часам надта шукае пазітыўных сігналаў з боку лукашэнкаўскіх элітаў і дадасць: – Яны любяць Радзіму так як ўмеюць.
Дык, я не супраць. Няхай любяць як умеюць. Толькі ж агітатары і тыя хто імі кіруе хочуць каб ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, усе як адзін, любілі Радзіму так, як умеюць гэта рабіць у рэдакцыі “Савецкай Б”.
А з гэтым ўзнікаюць праблемы. Не ўсе ж здольныя так пакіраваць сваімі патрыятычнымі пачуццямі каб іх інтэнсіўнасць і афарбаванне адпавядала генеральнай лініі Адміністрацыі прэзідэнта. Але нічога, Аляксандар Рыгоравіч здаецца нікуды адыходзіць не збіраецца, а ён настаўнік здольны і цярпялівы мо на сёмай прэзідэнцкай кадэнцыі уся краіна набудзе гэтыя надзвычайныя здольнасці галоўнай рэдакцыі краіны.
З антыпарыятычным прывітаннем, Анджэй Пачобут.
Незалежныя СМІ ў Крамлі выступяць ў якасці панятога
November 16, 2009Беларускія незалежныя СМІ запрасілі на прэсканферэнцыю да Дзмітрыя Мядведзева. Гэта канешне ж такі палітычны званочак ад Дзмітрыя Анатолявіча да Аляксандра Рыгоравіча.
Маўляў мы і з незалежным грамадствам можам адносіны наладжваць…
Але не толькі ўнутрыбеларускі палітычны аспект стаіць за гэтым запрашэннем.
Перш за ўсё у Крамлі добра ведаюць сістэму кіравання дзяржСМІ, якая існуе ў Беларусі. Яшчэ б яны яе не ведалі! Cамі такой самай сістэмай кіруюць у сваёй краіне!
Таму крамлёўскія піяршчыкі выдатна разумеюць, што ў беларускіх дзяржСМІ па такому востраму пытанню, як сёняшнія беларуска-расейскія дачыненні без згоды Адміністрацыі прэзідэнта не з’явіцца ні воднага радка. Больш таго можа з’явіцца непрыхаваная хлусьня, калі яна зразумела, ў гэтую хвіліну будзе тактычна выгадна беларускаму кіраўніцтву.
Дык вось у такой сытуацыі на прэсканферэнцыі Мядведзява патрэбны верагодны і незалежны сведка. Той хто скажа як было сапраўды і без ідэалагічнага скрыўлення перадасць словы сурозмоўцы.
У крымінальна-працэсуальным кодэксе ёсць адмысловы тэрмін – паняты. І менавіта на гэтую ролю Крэмль і выбраў “Нашу Ніву” ды “Народную Волю”.
І не варта здзіўляцца такім аналогіям. Беларуска-расейскія перамовы ўжо даўно вядуцца ледзь не на фене. Таму запрашэнне ў якасці панятога на чарговы этап разборак двух “бандитствующих» рэжымаў – гэта тое чым журналіст павінен ганарыцца. А як жа інакш калі паняты, для журналіста (не блытаць с працаўніком агітпропа) , гэта найбліжэйшая роля з тых, якія прадугледжвае крымінальна-працэсуальным кодэкс!
І ў Крамлі, відаць, гэта добра разумеюць
Крызіс даверу
November 2, 2009Уладзе не вераць. Паталагічная хлуслівасць апошніх 15 гадоў стварыла сваеасаблівы фенамен – нават тыя, хто галасуе за сёняшнюю ўладу, хто яе падтрымлівае, нават яны ў крызісных сітуацыях уладзе не верыць.
Падзеі вакол свінога грыпу таму чарговае падцвярджэнне.
Могуць міністр аховы здароўя і галоўны санітарны ўрач правесці хоць дзясятак прэсканферэнцый, а БТ і “Советская Белоруссія” ісцякаючы слінай сколькі заўгодна вішчаць пра тое, што “ўсё ў парадку і пад кантролем” – вынік нулявы.
Народу, як бачна, іхныя заявы і аўтарытэтныя меркаванні “па барабану”. Што называецца, “а Васька слушает, да ест”. Каб пераканацца ва ўплывовасці беларускіх чыноўнікаў і дзяржСМІ дастаткова зайсці ў любую аптэку. Натоўп людзей змятае з прылаўкаў усё што толькі хоць неяк звязана з грыпам ці ягонай прафілактыкай.
Не хапае марлевых павязак!!! Во блін знайшлі дыфіцыт! Калі гэта не паніка то што гэта?
Чыноўніцкае “няма эпідэміі” да болю нагадвае Лукашэнкіна “няма крызісу”. Аб тым, што крызіс у краіне прысутнічае пераконваць нікога не трэба. Так сама ахвотна, насуперак хлусам з дзяржСМІ, людзі вераць у эпідэмію.
Рэцэпт шчаслівага жыцця ад Аляксандра Рыгоравіча вядомы і вельмі просты. Ён відаць шчыра верыць, што, калі мы ўсе будзем гэта паўтараць як мантру “крызісу няма, эпідэміі няма” то будзем здаровымі і багатымі.
Ну што, даражэнькія, паспрабуем?
Пра сілу жаночых слезаў
October 30, 2009У спрэчках паміж жанчынай і мужчынай заўсёды можа перамагчы кабета. Для гэтага ёй дастаткова заплакаць. Як толькі пачаліся жаночыя слёзы, то ўсё! Нават самыя забойчыя і лагічныя аргументы перастаюць дзейнічаць.
Прыкладаў таму, шмат. Прывяду адзін з іх.
Падчас апошняй выбарчай кампаніі ў Польшчы Цэнтральнае Антыкарупцыённае Бюро (ёсць такая адмысловая спецслужба ў Польшчы) прадставіла доказы карумпаванасці дэпутаткі парламента Бэаты Савіцкай з “Грамадзянскай Платформы”. Па тэлебачэнню паказалі запіс, як супрацоўнік ЦАБ уручае ёй хабар. Уся аперацыя і размовы былі запісаныя. Доказы віны 100-адсоткавыя.
Здавалася б усё! Моцны ўдар не толькі па самой дэпутатцы, але і па ейнай партыі. Чакаўся абвал рэйтынга “Грамадзянскай Платформы” і параза на выбарах.
Але выйшла ўсё наадварот.
Пані Бэата на прэсканферэнцыі расплакалася. Гэтыя слёзы паказалі ўсе тэлеканалы і… выбары “Грамадзянская платформа” выйграла. Скандал вакол Савіцкай ударыў перш за ўсё па ЦАБ і тагачаснаму ўраду.
Як бачым жаночыя слёзы могуць мець невярыгодную сілу!
Але з усіх правілаў ёсць свае выключэнні. Прачытаў прызнанні Людмілы Ярмошынай:
І чамусьці ніякай жаласці гэтыя радкі не выклікалі. Магчыма таму, што не ў спрымаю Ярмошыну як кабету, хучэй як нейкую функцыю.
Вось напісаў гэта і падумалася, што сітуацыя магла б змяніцца калі б слёзы даведзянай журналістамі да “ручкі” Ярмошынай паказалі б у “прамым эфіры”…
“Звязда” і “беларускія чэкісты”
October 25, 2009Новая ідэалагічная фішка ўладаў, прымусовая беларусізацыя савецкай спадчыны, дакацілася да самага святога – органаў дзяржбяспекі СССР. Так газэта “Звязда” адкрыла новы від супрацоўнікаў НКГБ-МГБ – “беларускія чэкісты”.
Прыкладамі “беларускіх чэкістаў” паводле газэты, з’яўляюцца “следчы следчага аддзела Упраўлення Народнага камiсарыята дзяржаўнай бяспекi па Маладзечанскай вобласцi Васiль Чуланаў i начальнiк 2-га аддзела ўпраўлення Мiнiстэрства дзяржаўнай бяспекi па Мiнскай вобласцi Барыс Гладышаў”.
“Беларускі чэкіст” Гладышаў нарадзіўся пад Кастрамой. У БССР служыў з 1950 па 1953. Гэтага аказалася дастаткова каб ён, наскрозь рускі чалавек і адданы савецкі гэбіст, стаў “беларускім чэкістам”.
Думаю ступень беларускасці старэйшага лейтэнанта ГБ Чуланава такая самая.
Самі “беларускія чэксіты” Гладышаў і Чуланаў калі б даведаліся пра сваю “беларускасць” абавязкова б абвінавацілі журналіста, галоўнага рэдактара і магчыма яшчэ пару супрацоўнікаў рэдакцыі ў “правым ухіле” альбо “нацдэмаўшчыне”.
Што было б далей рапавядаць, думаю, не трэба.
Але дзякуй богу, часы сёння ня тыя. Крывавыя каты ГБ альбо на могілках альбо пераўтварыліся ў ціхіх і спакоўных дзядкоў. Таму і можа газэта “Звязда”, выконваючы ідэалагічны загад іхных нашчадкаў, спакойна беларусізаваць савецкую дзяржбяспеку.
Так хочацца ўзяць на сябе адказнасць за крывава-садыстычнае пекла, якое прадстаўлялі сабой НКГБ-МГБ? Што ж гэтага ўладам ніхто не забароніць. Спадзяюся, аднак, што ў беларускага грамадства хопіць розуму адкрэсьціцца ад навязвання яму “беларускіх чэкістаў”, а што за гэтым ідзе і адказнасці за іхныя “подзьвігі”.
ЗЫ Ціква, што Чуланаў, які загінуў у 1948 годзе ўзгадваецца “Звяздой” як супрацоўнік НКГБ, тым часам на момант ягонай смерці Наркамат дзяржбяспекі вось ужо год як стаўся Міністэсртвам Дзяржбяспекі.
Але не будзем чапляцца да дробязяў. Усё адно, што НКГБ, што МГБ, што КГБ – імя ім легіён!
Бязмозглыя
October 20, 2009- Мозги возвращаются домой - сцвярджае сёняшні нумар друкаванага органа Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия”. Усе цудоўна, толькі ці не азначае броскі загаловак змешчаны на першай старонцы, што раней дом (Рэспубліка Беларусь) быў без мазгоў?
З аднаго боку гэта брутальная самакрытыка, з іншага самаўспакойванне. Маўляў калі мозгі вярнуліся дамоў то значыць усё будзе ўпарадку.
Што ж пажывем, пабачым.